АНАТОЛЬ СЫС (1959-2005)

МАРЫЯ

 

Вечнасць зрывае пялёсткі з ружы...

сее, нібы насенне,

па сухадолах людскія душы,

па чарназёмах каменні.

 

Сонца ўрастае ў чужое поле

і вырастае з чужога,

а калі ўзыдзе —

святлом, як соллю,

раны пячэ нябогу.

 

З болем сваім ён пад дрэва сядзе,

высыпле жвір з сандаляў,

столькі самоты ў яго паглядзе,

колькі блакіту ў далях.

 

Птушка загледзіцца ў твар нябогі,

скрушна перажагнецца,

ад развярэджаных ног дарога

травамі захінецца.

 

Па чарназёмах гудуць каменні,

душы — па сухадолах:

стань, небарака, стань на калені,

любіць пакорных доля.

 

Ён жа намацае лёс кавенькай,

выбрыдзе да жанчыны,

жыта змятае яна ў сявеньку

белым крылом гусіным.

 

— Светлая! — наймя ёй дасць нябога. —

Выгаі мае раны,

Светлая, мроя мая й трывога,

золачак мой крамяны.

 

Светлая вымавіць:

— Я — Марыя,

з твару змахне змаршчынкі

 і бедаку, як душу, раскрые

дзверы сваёй хацінкі.

 

Зёлак настоіць на першым снезе,

нанач яго напоіць,

скура, як з вужа, з нябогі злезе,

згіне з душы нябогасць.

 

— Любы мой, — скажа яму Марыя, —

шчасце тваё ў пакутах.

Дзверы адчыніць, бы свет, старыя,

пойдзе на холад люты,

 

пойдзе, ды сніцца начамі будзе:

з крыжам яго нібыта,

ходзіць па вёсках, па ўбогіх людзях,

Богам самім забытых.

 


Публікацыі:

“Пан Лес” (1989)

“Сыс” (2002)