АНАТОЛЬ СЫС (1959-2005)

***

Мой радавод вёў летапіс свой плугам.

I, як радком чырвоным, баразной

мядзяны конь ішоў адвечным кругам

пад Князем-Сонцам, Поўняю-Княжной.

На мокрай грыве крумкачы драмалі

ды прагнулі гарачае крыві,

і ваўкалакі з лесу цікавалі,

каб баразну мядзяны конь скрывіў.

 

Былі сухмені, і былі залевы,

і стрэхі хат, як прывіды, плылі,

тагды алені, журавы і дрэвы

да астравоў мой радавод вялі.

Патоп спадаў, і вецер, як пергамент,

сушыў палі і ажыўляў лугі,

птушыны шлях — начных нябёс атрамант —

шукаў барознаў новыя кругі.

 


Публікацыі:

“Пан Лес” (1989)

“Сыс” (2002)